Экспозиционная деятельность

Асветніцкая дзейнасць музея накіравана на дзіцячую аўдыторыю. Музейныя матэрыялы ўключаюцца ў навучальны працэс праз урокі-экскурсіі, інфармацыйныя гадзіны, выкарыстанне музейных прадметаў у якасці дапаможнікаў на ўроках, літаратурна-музычныя кампазіцыі з выкарыстаннем музейных прадметаў, самастойная падрыхтоўка дакладаў вучнямі да ўрока па заданню настаўніка. У краязнаўчым музеі праводзяцца абзорныя і тэматычныя экскурсіі. У залежнасці ад пастаўленых мэт экскурсіі бываюць адукацыйныя, урокі-экскурсіі, экскурсіі-інфармацыйныя гадзіны. Калі вучань бачыць рэч, ведае яе назву, ведае, дзе і як яна выкарыстоўваецца, значыць ён адчувае сувязь гісторыі з жыццём і больш поўна засвойвае матэрыял. Колькасць наведвальнікаў за 2018 год – 332. Музей наведвалі вучні, выхавальнікі дзіцячага садка, бацькі, выпускнікі.

   На базе музея пастаянна афармляюцца і абнаўляюцца тэматычныя выставы, прысвечаныя роднаму краю: “Да года роднай зямлі”, фотавыстава “Сваёй зямлі вянкі сплятаю…”, “Традыцыйныя промыслы і рамёствы” і інш.

   Вучні разам з настаўнікамі распрацавалі сцэнарыі святаў “Калядкі”, “Масленіца”, “Пакроўскі кірмаш “ і інш.

 

Асноўныя раздзелы экспазіцыі:

1.Этнаграфічны

2.Гісторыя вёскі Аляхновічы

3.Гісторыя школы

4.Вялікая Айчынная вайна.

 

Этнаграфічны куток «Беларуская хатка»  прадстаўляў быт беларускіх сялян канца XIX - пачатку XX стагоддзя. Адна сцяна памяшкання аформлена пад інтэр’ер вясковай хаты, зроблены макет  печы, паліцы, лаўкі. Сярод экспанатаў прадметна-побытавай культуры можна выдзеліць галоўныя: калаўрот, тканыя посцілкі, прасніца, чаўнакі, прадметы жаночага і мужчынскага адзення, куфар, ручнікі, паліца з глінянымі вырабамі, вырабы з саломы, вышыўкі, ліхтары, ільняное палатно, куфар. Сярод   сельскагаспадарчых  прылад патрэбна выдзеліць маслабойку, ступы, плеценыя вырабы з саломы, лыка, цэп, сярпы і г.д.

 

 

  Экскурсія “Жыццё і быт беларускага селяніна”

  Уявім сабе сялянскае жыццё. Пакой, як бачыце, адзін. Тут сяляне елі і адпачывалі.

   Віднае месца ў хаце – вялікая печ. Яе складваў са звычайнай цэглы пячнік – самавучка.  Гаспадыня бяліла печку мелам, а калі паяўлялася шчыльна ў печы, то замазвала глінай. Ад гэтага печ з цягам часу траціла свой першапачатковы выгляд. Печ варыла  і смажыла, грэла і парыла. Але  і дымлася раніцай так, што ва ўсіх вочы балелі. Зімой на печы забіраліся пагрэцца і дарослыя і дзеці. У сялянскай сям’і рэдка было цеплае адзенне  абутак. Таму печ для сялянскай сям’і  была адзінай выратавальніцай: на ёй спалі ноччу падкінуўшы пад галаву якія-небудзь лахманы. Тут на печцы зімовымі вечарамі пад гукі завірухі, бабулі і дзядулі расказвалі ўнукам чарадзейныя казкі.

  Палілі печ толькі раніцай, так як дровы даставаліся вельмі цяжка: іх трэба было купляць у панскім лесе. У такіх печах нашы бабулі  і прабабулі самі выпякалі хлеб. У невялікай дзежцы ставілі іршчыну. У яе дабаўлялі варанай тоўчанай бульбы, каб хлеб быў мяккі і пульхны. Потым цеста ў дзяжы ставілі на цёплую печ на 1-2 гадзіны, каб яно падыйшло. І вось печ выпалена, з яе выграбаюць вуголле, попел вымятаюць мокрым венікам. Маці або бабуля абгладжвае рукамі, змочанымі ў вадзе круглыя боханы. Потым кладзе іх на драўляную лапату, засланую аерам або кляновымі лістамі.

  Нарэшце боханы ўсе ў печы, зачыняецца засланка, хлеб пячэцца. А каб хлеб не засох і не прыгарэў, гаспадыня наглядае за ім  і нават калі нікалі ліне ў печ з паўкубка вады.

Надыходзіць урачысты момант: хлеб дастаюць з печы, кладуць на ільняныя ручнікі, зверху змочваюць вадой і пакрываюць ручнікамі. А па хаце плыве прыемны пах свежага хлеба, пах працы хлебаробаў, якія кармілі і цяпер кормяць нас, якім мы павінны аддаваць нізкі паклон. Вельмі смачны хлеб, ды яшчэ з маслам. Вось перад бойка, у якой білі масла.

Ля прыпечка “танцавала” гаспадыня, з раніцы ставіла ў печы саганы. Варыла полудзень на ўвесь доўгі працоўны дзень.

У падпечак на зіму заганялі курэй, таму што хлявы былі халоднымі. Ля печы на драцяным кручку звычайна вісела вядро з вадой, у куце (інакш – качарэжніку вы бачыце качаргу, чапялу і вілы для саганоў). Усё гэта павінна было быць пад рукой у гаспадыні, калі яна паліла у печы, варыла полудзень ці вячэру.

У “чырвоным куце” – самай светлай частцы хаты стаяў стол. Тут сялянская сям’я палуднавала, вяла гутаркі з суседзямі, калі тыя заглядвалі на агеньчык лучыны. На покуці у кожнай хаце всеў абраз. Набожныя сяляне ніколі не сядалі есці не перахрысціўшыся, не падзякаваўшы Богу затое, што і на гэты раз не пакінуў іх без яды. Хоць  і была гэта яда вельмі мізэрнай і аднолькавай: малочная зацірка з мукі, якую сяляне малолі на жорнах, печаная бульба, “посная капуста”. Мяса ў сям’і бачылі рэдка, толькі на вялікія святы (каляды, вялікдзень). Хлеба і таго не хапала, асабліва у галодныя неурадлівыя гады.

   Галеча навучыла сялян расцягваць невялікія запасы мукі на цэлы год, але хлеб пяклі ўжо з прымессю траў (лебяды або  патоўчанай у парашок дравеснай кары). Чалавек, упершыню ўбачыўшы такі хлеб, прыняў бы яго хутчэй за камяк гразі, чым за людную яду.

   Была сялянская сям’я вялікая (8-12 чалавек) і дружная. Першым за стол звычайна сядаў гаспадар-кармілец. Яго месца было самым ганаровым – пад абразамі абразамі: каля яго сядалі сыны – памочнікі бацькі ў яго цяжкай сялянскай рабоце. Гаспадыня сядала збоку: ёй прыходзілася уставаць, абслугоўваць за полуднем сваё сямейства. Дапамагалі ёй у гэтым звычайна дочкі або нявесты. Елі сяляне драўлянымі лыжкамі з гліняных місак, пілі малако са збаноў. Вось гэта вы ўсё бачыце. Акрамя вялікага стала, за якім сям’я ела, стаялі ўздоўж сцен доўгія драўляныя лавы. На якіх сядалі сабіраючыся па вечарах жонкі  і дзяўчаты з кудзелямі.

  Пры свеце лучыны, з песнямі і жартамі, загадкамі, казкамі, прымаўкамі пралі ніткі. Гаспадыня таксама сядала прасць. Гэта было для яе адпачынкам. Нястомная працаўніца, на якой увесь дом стаяў. Хто як не яна, у печы глядзіць, каб капуста не пайшла цераз край,  і настольнік на стол кладзе, кал госці у дом прыйшлі. Нараджаліся дзеткі… 

  Нарадзіліся дзеткі…У хатах падвешвалі драўляныя калыскі,у якіх гушкалі дзяцей. Прыдумваліся песні-калыханкі. Як бы ні была занята працай матуля, але не было бы  таго дзіцяняткі, якому б яна не праспявала:

Баю, баю, баю,

Не лажыся з краю,

Прыйдзе шэранькі ваўчок

І укусіць за бачок.

   Калыска падвешвалася пад столь каля ложка, на якім спалі гаспадары. Вось тут знаходзіцца гліняны посуд: збаны, глякі – неабходныя рэчы ў гаспадарцы, бо ў іх доўга захоўвалася малако, смятана, тварог, масла, сала топленае. На жаль няма у нас ганчарнага круга, пры дапомозе рабіліся збаны, глякі, што маюцца ў нашым музеі. На гэтай паліцы можна ставіць і вешаць посуд.

  Асноўнае месца ў хаце займала печ, каля яе -  “бабін куток”. Па той колькасці  змешчаных тут рэчаў хатняга побыту можна меркаваць, што нялёгкім было  жыццё жанчыны. У хаце каля печы знаходзіліся асноўныя жаночыя прылады: качарга, якой падгортвалі жар, лапата – якой садзілі хлеб у печ, рагачы – для вымання чыгункоў, сіта – якім сеялі муку, чапяла, каб даставаць патэльню з печы. У сенцах часцей за ўсё захоўвалі  дайніцу – карову даіць, бойку – масла біць, ступу – таўчы ячмень, дзяжу – рашчыняць хлеб, начоўкі – мыць бялізну.

  Печ вытаплена, з яе выгрвбаюць вуголле,попел вымятаюць мокрым венікам. Маці адгладжвае рукамі круглыя боханы. Потым клалзе іх на драўляную лапату,засланую аерам або кляновымі лістамі. Нарэшце хлеб у печы. Надыходзіць урачысты момант: хлеб дастаюць з печы, кладуць на ільняныя рычнікі. А вось перад вамі ступа, у якой нашы продкі таўклі крупы. Ячмень замочвалі вадой на 2-3 гадзіны, потым зерне таўклі, сушылі, правейвалі, атрымоўвалі ячменныя крупы.

На паліцах знаходзіліся кашы с плеценымі вечкамі, у якіх захоўвалі сушаныя каўбасы, паляндвіцы, кумпякі, тут жа стаяў цэбар для гаспадарчых патрэб. Тут жа вялікія корабы, сплеценыя з саломы і лазы, кадушкі для захоўвання  збожжа. 

Збоку каля печы вісіць паліца з розным посудам. На паліцы захоўвалі    міскі, слоікі, лыжкі, збаны, макацёры – гліняны посуд, у якім церлі каноплі альбо мак, каб атрымаць малачко, яно патрэбна было ў час посту на бедную куццю.

З посуду прыцягвае ўвагу спарыш, які стаіць на лаве і складаецца з двух ці трох гліняных гаршочкаў. Навошта яны былі патрэбны?  Калі бацька з сынам працавалі ў полі, жанчына ці дачка, загарнуўшы ў фартушок, несла ім ежу. Кожная страва была ў асобным гаршочку.

На стале самавар і шкляная лямпа. Каля сцяны знаходзіцца ложак, побач калаўрот, куфар, куды дзяўчына з малых год складала прыданае. Даўней у сялянскіх сем’ях дзяўчынак з 7 гадоў вучылі прасці, а да 15 гадоў яны ўжо ўмелі ткаць і рыхтавалі самі сабе прыданае. Калі дзяўчына не ўмела ткаць ці вышываць і да таго падобнае, то яе называлі “ няўмека”, “няздольніца”. Яна доўга вымушана была шукаць сабе мужа, у той час як для працалюбівай  жаніхі знаходзіліся значна хутчэй. У кутку вісіць абраз, аздоблены вышытым ручніком. На палічцы – невялічкая калекцыя старых грошай, кнігі пачатку 20 стагоддзя.

Гліняны посуд: збаны, глякі, міскі, кубкі - наебходныя рэчы ў гаспадарцы, бо ў іх добра захоўваліся малако, смятана. А вось перад вамі лубка,сплеценая з саломы.Таксама незамянімая служка гаспадару, які сеяў з яе збожжа на полі. Ёсць ў нас і серп, без якога немагчыма  было сабраць ураджай.

 Але сабраны і звезены снапы на ток. І тут гаспадыню змяняе гаспадар. Ён бярэцца за цэп, якім малаціў жыта, авёс, ячмень. Каса, граблі, рагулі - прылады працы ў лузе, дзе касілі травы, сушылі сена.

   А вось і гаспадыніны прылады працы: прас,качалкі. Прас награваўся вуголлем, якое бралася з печы. Прасавалі адзенне святочнае,а будзённае і бялізну разгладжвалі з дапамогай качалак. Бялізну мылі ў ночвах, якія рабілі з мяккай драўніны - з ліпы. Гэтыя ночвы служылі і калыскай для дзяцей.

   Вышыўкі на святочным адзенні, ткацтва, вязанне, разьба па дрэве сведчаць аб высокім мастацкім гусце народа.

   Калаўрот, прасніца, верацяно, берда - прылады для прадзення нітак.    Пяройдзем цяпер да куфра.Ён зараз амаль выціснуты шафаю.Адкрыем куфар. Праз куфар - жыццё чалавека.Тут ляжаць розныя вышытыя ручнікі, белыя кашулі, вышытыя на каўняры, рукавах.Тут жа безрукаўкі.У іх апраналіся паверх сарочкі. Спадніца з сукна, так званыя андаракі. Густа-сінія, зялёныя, часцей чырвоныя, у папярочныя тканыя палосы з ромбаў і квадратаў.Часам тканы андарак - гэта твор мастацтва.Урэшце фартухі.Іх насілі абавязкова. Палатняныя, кужэльныя, з вышыўкай.

   У куце хаты вясковай стаіць стол,за якім сядзела ўся сям’я. Стол накрыты саматканым абрусам. Ля стала стаяць лавы.

  …Праходзілі зімы,прыходзілі вясна, лета, восень, прыносілі свае фарбы прыгажосці; так ішло жыццё. Шмат цікавых старонак маюць беларусы ў сваім жыцці…

 

  Экспазіцыя “Гісторыя вёскі Аляхновічы” знаёміць наведвальнікаў з былым і сучасным вёскі. Тут змешчаны “Летапіс вёскі Аляхновічы”.

 

 

Экскурсія “Мой родны кут”

    Вывучаць мінулае можна  не толькі па падручніках. Цікавае даследванне можна правесці , слухаючы аповеды бацькоў і дзядоў.Падчас такой размовы  пераконваешся, што жыццё кожнага чалавека цесна звязана з лёсам краіны. Так можна сказаць не толькі пра людзей, але і пра нашу вёску, якая стала часцінкай жыцця для многіх пакаленняў  людзей.

Мая родная вёска,

Мае Аляхновічы!

Прыгажэй я не бачыла краю!

Мяне вабяць твае ваколіцы

І хусцінкі зялёнага гаю.

Ты з узгоркаў,палёў, пералескаў

Паабапал прыгожай Ушы,

Ты квітнееш, нібы пралеска,

На далонях маці-зямлі.

Сустракаеш птушак з дарогі,

Праважаеш у вырай клін,

Знаеш радасці і трывогі,

Мой куток беларускай зямлі.

Мне твая ўжо кожная сцежка,

Бы старонка “Роднага слова”,

Бы маці маёй усмешка,-

Я цябе не пакіну ніколі.

Аляхновічы - вёска, размешчаная  на рацэ Уша ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці.. Цэнтр сельсавета, чыгуначная станцыя на лініі Мінск- Маладзечна.

Яшчэ адзін цікавы факт з гісторыі  чыгункі. Аказваецца, раней на вакзале працаваў званар. Пры падыходзе прыгараднага ці пасажырскага цягніка ён адбіваў удары.

 Мемарыяльная дошка на будынку вакзала нагадвае аб падзеях  ХХ стагоддзя, калі ў верасні 1917 года знятыя з перадавой і адпраўленыя на станцыю  палітычна ненадзейныя салдаты з 2-й Сібірскай дывізіі царскай арміі аб’явілі сябе чырвонаармейцамі і выступілі на падмогу рэвалюцыйнаму Мінску.

Стала гісторыяй і падключэнне станцыі ў 1963 годзе да сеткі цягавай  падстанцыі, пуск пробнага электрацягніка.  Спачатку цягнікі хадзілі з Мінска толькі да Аляхновіч, да Маладзечна пасажыры дабіраліся прыгараднымі цягнікамі з драўлянымі вагонамі і з паравозам у галаве, якія ў народзе называлі “Варшаўскім экспрэсам”.

Мясцовасць  у Аляхновічах узгорыстая, ландшафт вельмі прыгожы. Яшчэ польскія ўлады вырашылі пабудаваць  тут касцёл, выбралі для яго самую высокую гару, якую людзі адразу ж назвалі Касцёльнай. Старажылы яе так называюць і цяпер, хаця касцёл так і не ўзвялі. Затое больш чым праз стагоддзе , у 1996 годзе, на гэтай гары вырас прыгожы будынак  сямівежавай царквы са званіцай. Вырашэнне яе архітэктурнай кампазіцыі належыць Міхаілу Новікаву. Настаяцелем храма ў гонар нараджэння Іаана Прадцечы з 2000 года назначаны свяшчэннік Георгій Комель.

Рачулка Уша,

Жывая вадзіца,

Ты пачатак вёсцы дала,

Паабапал цябе

Людзі сталі сяліцца,

Ты ж крынічкай для іх была.

Вырасталі людскія сядзібы

Бы грыбы,

Ды з страхой саламянай,

Хаты цёмныя, вокны нізкія-

Ой, як цяжка было пад панамі,

Гнулі спіны ад ранку да вечара

Жнеі ў полі, мужчыны- на шпалах,

Пад прымусам пана 

Чыгунку ўручную клалі.

Прабягалі гады, і шпарка

Цягнікі па рэльсах гудзелі,

Во то дзіва было, то цуда-

Усёй ваколіцаю глядзелі!

Потым мур узвялі вакзалу,

Ды  дамы раслі- вырасталі,

А зямлю, што была пад панам,

Аляхновічамі назвалі.

Падыміся ўгару-

Любуйся:

Не,няма прыгажэй мясціны…

Паабапал ракі, удоль чыгункі

Бачу вёску маю жывую.

Вось яна прачнулася ўранні,

          Твар вадою з ракі абмыла,

Вось яна ў майскім убранні

Песню  ўвечары зацягнула,

Туманамі павісла летам

І расой на мурогі села,

Пахамі кветак маніла пчолак,

Патанала ў духмяным сене.

Вось яна птушыным звонам

Аглушыла ўсё, абудзіла,

А ўвечары ціха і стомлена

Ногі ў рэчку Ушу апусціла…

З 1921 года Аляхновічы ў складзе Польшчы.

У Аляхновічах дзейнічалі гурткі Беларускай сялянска-работніцкай грамады, гурткі КПЗБ.

З 1939 года Аляхновічы знаходзяцца ў складзе БССР.

З 1940 года- цэнтр сельсавета.

Шмат аднавяскоўцаў змагаліся з фашысцкімі захопнікамі на франтах, у партызанскіх атрадах.

      У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты спалілі 15  двароў, загінула 7 жыхароў  на фронце, 10 чалавек - у партызанскай барацьбе.

      На станцыі Аляхновічы ў 1942 годзе  гітлераўцы стварылі канцлагер, у якім загінула шмат ваеннапалонных. Мясцовыя жыхары стараліся падкарміць бедалаг, перакідвалі ім хлеб, бульбу праз агароджу.

      У 1958 годзе насупраць будынка сельсавета на ўшанаванне памяці 31 земляка, якія загінулі ў Айчынную вайну, пастаўлена стэла , а ў 2005 годзе ўзведзены новы помнік загінуўшым землякам.

Пік холаду Маладзечаншчыны

Паводле шматгадовых назіранняў тэмпература паветра ў Аляхновічах заўсёды на некалькі градусаў ніжэйшая,чым у суседніх вёсках. Своеасаблівым “пікам холаду” нашага раёна называюць наш населены пункт.

Аляхновічы!

Вёска – вуліца,

Тут табе ўжо стала цесна,

Ты расцеш усё,

Ты будуешся,

Ты ўгору, вёска , палезла!

Ты паўзла з гары ў нізіну,

А з нізіны – ізноў ўгору.

Прыгажэлі твае  мясціны,

А дамы ўжо – шматпавярховыя.

На адной гары, на Касцёльнай,

Птушкафабрыкі  гмахі раслі,

Працавалі,

Нібы героі.

Дарагія нашы землякі.

Аб’яднанне па птушкагадоўлі

Загрымела па ўсёй Беларусі.

У 1948 годзе арганізаваны калгас “Новае жыццё”, У 1955 годзе саўгас “Аляхновіцкі” ператвораны ў птушкафабрыку. У 1969 годзе- 1080 жыхароў, 256 двароў. Пабудаваны камбінат бытавога абслугоўвання, сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска- акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, сталовая, 5 магазінаў.

У 1974 годзе у Аляхновічах пачалося будаўніцтва новага комплекса птушкафабрыкі на асобнай пляцоўцы.

Першая чарга птушкафабрыкі  была здадзена ў эксплуатацыю ў 1976 годзе.

У 1976 годзе ўжо прададзена дзяржаве 697 тон мяса. Другая чарга  вытворчых памяшканняў была здадзена  ў 1977 годзе. На птушкафабрыцы з моманту ўвода першай чаргі ў эксплуатацыю атрымана 6750 тысяч рублёў прыбытку.

У 1996 годзе да птушкафабрыкі быў далучаны калгас “Дубрава”.

І народ у цябе працавіты –

Летам буйна красуюць палеткі,

А прайдзіся ўлетку па вуліцах –

Усе дамы патанаюць у кветках.

Ты працуеш, вёска, да стомы

І ўмееш адпачываць,

Кірмашамі сустрэнеш весела,

І музык табе не суняць!

Мне да сэрца твае ўзгоркі,

Ды адзін за ўсё прыгажэй,

Я туды жаджу па пяцёркі –

Гэты ўзгорак за ўсё вышэй,

Бо на ім фасадам да рэчкі

Ручаёк жыццёвых крыніц –

Храм навукі і шлях да ведаў  -

Школа родная тут стаіць.

У школе нашай хоць тры паверхі,

Але колькі цікавага тут!

Зараз вучні, заўтра – студэнты.

Не бывае вольных мінут.

У школе заўсёды расчынены дзверы,

Мы зранку імчым у краіну ведаў.

Экспазіцыя “Гісторыя школы” знаёміць з гісторыяй заснавання школы, яе гісторыяй і сучаснасцю. Тут змешчаны звесткі аб настаўніках школы, аб яе выпускніках.

Экскурсія “ Гісторыя школы”

 У 20-ых гадах школы ў Аляхновічах яшчэ не было.Настаўнікі хадзілі па хатах, збіралі дзяцей і такім чынам вучылі іх. Заняткі пачыналіся восенню і заканчваліся ранняй вясной, калі пачыналіся работы на зямлі, адпаска кароў і г.д.

Польскай уладай было вырашана пабудаваць  школу ў Аляхновічах. У 1933 годзе пачалося будаўніцтва першай Аляхновіцкай драўлянай школы. Галоўным майстрам , які адказваў за будаўніцтва школы, быў Апока – жыхар вёскі Краснае. Апока наймаў людзей, плаціў ім да 5 злотых ў дзень. Праз год, у 1934 годзе памяшканне школы было пабудавана, і яе адкрылі. Школа працавала да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У 1942 годзе памяшканне школы было занята немцамі, тут размяшчаліся салдаты. Толькі ў 1944 годзе школа зноў пачала працаваць. 15 жніўня 1944 года на працу ў школу накіравалі Мухіну Лідзію Іванаўну. Шмат прыйшлося папрацаваць ёй і другім настаўнікам, каб 1 верасня дзеці маглі пачаць займацца. Першы пасляваенны год быў вельмі цяжкі, вучыліся толькі 1- 4 класы. Пісалі на газетах, дапамагалі нарыхтоўваць дровы, каб паліць печкі. Затым праз год былі адкрыты 1- 7 класы. Дзяцей было шмат, месца не хапала, і тады ў 1947 годзе пачалі будаваць яшчэ адно невялікае драўлянае памяшканне.

Праз 26 гадоў, у 1973 годзе пачалі будаваць вялікую цагляную школу, і праз 1,5 г.у ёй пачалі вучыцца дзеці. Новая школа – тыповы будынак на 654 месцы. Нязменным кіраўніком  школы на прцягу 30 год з’яўляўся Раман Адамавіч Пясецкі.Яго пераемнікам стаў Юрый Андрэевіч Капцюг. З 2009 года Аляхновіцкую сярэднюю школу ўзначальвае Сяргей Сяргеевіч Іваноў.

 

 

 

  Экспазіцыя “Вялікая Айчынная вайна” прысвечана ўсенароднай барацьбы супраць фашысцкіх захопнікаў на фронце, у партызанскіх атрадах, у падполлі. У ходзе пошукавай дзейнасці ў музеі сабраны матэрыялы змяшчае звесткі аб земляках, якія загінулі ў вайну. Сабраны матэрыял аб ветэранах-аднавяскоўцах. Наведвальнікаў зацікавяць успаміны аднавяскоўцаў “Вайна вачыма дзяцей”, якія сабралі вучні школы. Змест гэтай экспазіцыі дапаўняюць копіі дакументаў ветэранаў ВАВ, салдацкія рэчы. Тут прадстаўлены рэшткі зброі тых часоў.

 

Экскурсія “ Вайна вачыма дзяцей”

Напярэдадні 75-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне мы зноў і зноў звяртаемся да нашай гісторыі: успамінаем тых, хто падарыў нам гэтае свята, хто ў жорсткіх баях супраць фашысцкай навалы адстаяў гонар і незалежнасць Радзімы.

Беларусь прыняла на сябе першы і самы цяжкі ўдар гітлераўскай ваеннай машыны.

 Сімвалам бяспрыкладнага геройства і адвагі стала цытадэль над Бугам. Палёт у бяссмерце здзейсніў над беларускай зямлёй Мікалай Гастэла. Сведчаннем подзвігу і славы сталі помнікі і абеліскі, якіх не злічыць па ўсёй Беларусі: у Мінску і Трасцянцы, Маладзечне і на маляўнічым беразе Нарачы, у Радашковічах і вёсцы Лапавічы, у Мазыры і гарадскім пасёлку Акцябрскі, у Гродне і вёсцы Краснае нашага раёна… Яны, як старонкі вечнай кнігі, нагадваюць аб мужнасці і славе апаленай вайной нашай рэспублікі…

Тры доўгія гады наша Беларусь знаходзілася ў фашысцкай няволі, і ўвесь гэты час тут палала магутнае полымя ўсенароднай барацьбы. Яна вялася ўсімі магчымымі сродкамі. Беларускі народ не схіліў галаву перад ворагам.

Рэйхсмаршал Герман Герынг заявіў, што “яму ўсё роўна будзе, ці сытыя, ці памерлі з голаду мільёны славян і іх дзеці, галоўнае – каб Германія была забяспечана ўсім неабходным. Фюрэр для таго і паслаў сваю армію на Усход!”. Фашысты забіралі з акупіраваных тэрыторый ўсё, што можна было забраць. Навокал былі забойствы, грабяжы, здзекі, шыбеніцы. Знішчыць больш савецкіх людзей – была задача фашыстаў, а тых, хто застанецца ў жывых, зрабіць сваімі рабамі.

Кожны чалавек беражэ ў памяці нейкі момант свайго жыцця, які здаецца яму другім нараджэннем, пераломам ва ўсім далейшім лёсе. Вайна жыве ў душах перажыўшых яе такімі ўспамінамі, што яны ніколі не змогуць забыць яе, як не змогуць забыць, што нарадзіліся калісьці.

Ёсць прыказка: “На вайне дзяцей не бывае”. “Тыя, што палі ў вайну, павінны былі растацца з дзяцінствам – у звычайным, мірным сэнсе гэтага слова.”Дзяцінства многіх нашых аднавяскоўцаў было расстраляна і спалена, прайшло пад бомбамі і кулямі Вялікай Айчыннай. Іх бесклапотнае малества скончылася 22 чэрвеня 1941 года. І няма, напэўна, такіх лекаў, якія б залячылі іх раны на сэрцы і ў душы. Глыбокія, пякучыя, яны заўсёды крывавяць. Колішніх маленькіх гаротнікаў сёння аб’яднаў адзіны асабісты ўспамін – чорныя крылы вайны. Пакуль жывуць сведкі і ўдзельнікі вайны, яны павінны расказваць, пакідаць свае ўспаміны нашчадкам. Каб ведалі, каб памяталі, каб не забывалі…

     Ніна Антонаўна Красуцкая нарадзілася ў вёсцы Белькава Смаленскай вобласці ў 1929 годзе. Працавала на Маладзечанскай птушкафабрыцы брыгадзірам. Зараз на заслужаным адпачынку. Калі пачалася вайна, Ніне Антонаўне было дванаццаць гадоў.

З успамінаў:“ 22 ліпеня стаяла жудасная спякота. З раніцы многія пайшлі на базар, а мы, дзеці, засталіся дома. Калі дарослыя вярнуліся, яны прынеслі жахлівае слова “вайна”.

На наступны дзень бацьку забралі ў армію. Першае, што запомнілася, гэта самалёты з крыжамі, якія так нізка ляталі. Раптам ад самалётаў нешта аддзялілася і з выццём паляцела на зямлю. Гэта былі бомбы. Яны ўпалі ў статак кароў і некалькі забілі, пастуха і жанчыну, якая працавала на агародзе. Першыя ахвяры, першы жах, першая кроў…

Калі наступалі немцы, вяліся вялікія баі. Некалькі дзён ляжалі ў акопах без вады і яды.

У першы дзень акупацыі немцы на вачах ўсіх расстралялі камуністаў, а моладзь і падлеткаў пагналі пешшу на чыгуначную станцыю. Там некалькі сутак чакалі эшалон, але ён не прыйшоў. Гэта выратавала ад працы ў Германіі. Фашысты жостка абыходзіліся з насельніцтвам. Маці амаль не забілі за тое, што схавала парсючка, каб пракарміць дзяцей. Кожны дзень дзяцей гналі на работу: на руінах выбіралі ўцалеўшую цэглу, чысцілі яе і грузілі ў машыны. Кармілі толькі вечарам кавалкам хлеба са стружкамі. Усе тры гады была адна мара:застацца жывою, выспацца і ўдоваль паесці хлеба.

Калі немцы адступалі, яны не шкадавалі нікога. Пагэтаму дзядуля схаваў дзяцей ў падвал і забіў ўваход цвікамі. На шчасце, немцы хату не спалілі і ўсе засталіся жывы.

Нашы войскі прыйшлі ў вёску ў 5 гадзін раніцы. Ніхто не спаў, усе неслі

ежу, адзенне. Колькі было радасці, слёз ад таго, што закончыўся ўвесь жах акупацыі. Пасля Перамогі ў вёску вярнуліся толькі двое мужчын, сорак загінула”.

     Антаніна Арцёмаўна Януцёнак – жыхарка вёскі Аляхновічы. Працавала 37 гадоў загадчыцай бібліятэкі. Зараз на заслужаным адпачынку. Вайна ўварвалася ў яе жыццё, калі ёй было 7 гадоў.Сям’я Антаніны Арцёмаўны ў той час жыла на Магілёўшчыне. Помніць яна той момант, калі па радыё аб’вясцілі аб пачатку вайны, помніць, як праз некалькі дзён у небе з’явіліся самалёты з чорнымі крыжамі, як усе мужчыны пайшлі ваяваць, як яны, дзеці, дапамагалі капаць супрацьтанкавыя ірвы. У 1942 годзе тэрыторыя вёскі , дзе жыла сям’я, была нямецкім тылам. У памяці Антаніны Арцёмаўны засталося шмат жудасных момантаў таго часу: як расстрэльвалі палонных і закапвалі ў ірвы, як перад адступленнем фашыстаў спалілі вёску, як рабілі аблавы і гналі моладзь ў Германію, як яны, дзеці, схаваліся ў лесе. Антаніна Арцёмаўна была сведкам фарсіравання Дняпра нашымі войскамі. Пасля вызвалення Беларусі разам з дарослымі ёй прыйшлося аднаўляць вёску.

        Аляксей Герасімавіч Карней нарадзіўся ў вёсцы Хаўсты Смаргонскага раёна ў 1931 годзе. Працаваў настаўнікам біялогіі ў Аляхновіцкай СШ. Вось яго ўспаміны.

Што пачалася вайна, ў вёсцы ведалі ужо раніцай 22 ліпеня. І тут жа ў небе з’явіліся нямецкія самалёты са свастыкай. Іх было шмат, і ляцелі яны вельмі нізка ў бок Смаргоні. Калі самалёты схаваліся за гарызонтам, пачуўся свіст і гром.Гэта бамбілі Смаргонь.

Бацьку забралі на фронт ў першыя дні вайны і пагэтаму Аляксею Герасімавічу ў 12 год прыйшлося выконваць усю мужчынскую працу: араць, касіць, нарыхтоўваць дровы. Цэлымі днямі прыходзілася ўручную малоць зерне, каб спячы хлеб.

Успамінаецца яму і адступленне нашых войск на ўсход. Калі немцы акупіравалі тэрыторыю Смаргоншчыны, там актывізаваўся партызанскі рух. Нямецкі гарнізон размясціўся ў 13 кіламетрах ад вёскі, пагэтаму ў вёсцы жылі партызаны. Дзеці чым маглі дапамагалі вёсцы,глядзелі за коньмі, даглядалі раненых. Дзеці хадзілі ў школу. У час урокаў часта праляталі самалёты і стралялі, а час ад часу ў паветры праходзілі баі. Тады дзеці выбягалі са школы і хаваліся за тоўстымі дрэвамі.Жыццё ў вёсцы стала спакойным, калі немцы адступілі.

Калі пачалася вайна, Любові Ігнатаўне Яблонскай споўнілася 16 гадоў. Жыла яна ў вёсцы Свечкі Маладзечанскага раёна. Добра помніць той дзень, калі немцы акружылі вёску, выгналі ўсіх жыхароў на плошчу. Састарэлых  і дзяцей адпусцілі, а маладых і падлеткаў павезлі ў Маладзечна. Там Любоў Ігнатаўна даведалася, што іх павязуць у Германію. Некалькі дзён ехалі ў закрытым вагоне без яды і вады. У польскім горадзе Краеве быў прыпынак. Усіх пагналі ў баню, абгалілі і павезлі далей. Калі прыехалі ў Германію, усіх разабралі гаспадары. Працавала Любоў Ігнатаўна на ферме, глядзела за каровамі. Аднойчы , калі яна даіла кароў , з зарасляў кукурузы паказаўся мужчына. Гэта быў рускі ваеннапалонны, якому выдалася магчымасць уцячы. Любоў Ігнатаўна прынесла яму яды і вады.Але аднойчы гэта ўбачыла ўкраінка, якая даклала каменданту. Палоннага злавілі і расстралялі, а Любоў Ігнатаўну доўга білі і здзекваліся, а потым аддалі другому гаспадару. Ён быў вельмі жорсткі , здзекваўся над сваімі рабочымі,тыднямі прыходзілася галадаць. Па вечарах, калі ўсе засыналі, прабіраліся ў канюшню і елі сена і авёс. Дзякуючы гэтаму не памерла з голаду.Любоў Ігнатаўна прабыла ў Германіі тры гады. Дамоў вярнулася пасля Перамогі.

        Міхаіл Аляксандравіч Тарасевіч нарадзіўся ў вёсцы Леўкі Брэсцкай вобласці Пружанскага раёна.Міхаіл Аляксандравіч успамінае: “ Я на полі пас кароў, і раптам на дарозе з’явіліся матацыклісты ў касках. Гэта былі немцы.Адразу пачалі рэзаць жывёлу, забіраць харч. А праз дзень усіх сабралі на плошчы, хаты падпалілі, а людзей пагрузілі на воз і павезлі ў бок Польшчы. У нашай сям’і была мачыха, старэйшы брат, я і чацвёра малодшых. Ехалі некалькі дзён. Асабліва цяжка перанеслі дорогу без яды і вады малодшыя. У Польшчы сям’ю размясцілі ў былым свінарніку, на кожную сям’ю-- па клетцы. Цэментны пол накрылі саломаю і так спалі. Днём мачыха і старэйшы брат працавалі, а я прыглядваў за малодшымі. Побач са свінарнікам быў лагер ваеннапалонных. Мы , дзеці, імкнуліся папіць, падзяліцца вадою. Калі -нікалі гэта ўдавалася, а часам  заўважыўшы гэта, немцы жорстка білі. А яшчэ побач быў крэматорый, дзе зажыва спальвалі яўрэяў. Дзень і ноч з трубы ішоў чорны дым, а ў весніцы няскончаным патокам падатліва і маўкліва ішлі на смерць людзі…

Праз некаторы час усе сем’і павезлі ў Германію на сельгаспрацу. Там усе, і дарослыя і дзеці, выбіралі бульбу, буракі, моркву. Па заканчэнню работ зноў вярнуліся ў Польшу, а праз месяц зноў у Германію, у Кенігсберг. Кожную сям’ю выбраў сабе гаспадар. Прыходзілася вельмі шмат працаваць. Я нарыхтоўваў і вазіў дровы, глядзеў кароў, хадзіў за плугам. Заўсёды хацелася есці, пагэтаму лавілі вераб’ёў, варон і варылі суп…

Калі ў 1945 годзе прыйшлі нашы войскі, немцы ўцяклі. А нам мачыха пашыла торбы, напякла хлеба і паклала кожнаму ў торбу, і мы пешшу адправіліся дамоў”.

      На тэрыторыі Беларусі былі ўтвораны і вялі баявыя дзеянні 1255 партызанскіх атрадаў. Усяго ў партызанскіх фарміраваннях налічвалася 374 тысячы байцоў. Праз скрытыя партызанскія рэзервы ў гады вайны прайшло амаль 400 тысяч мясцовых жыхароў, многія з якіх прымалі ўдзел ва ўзброенай барацьбе, 70 тысяч знаходзілася ў баявым падполлі.

 За тры гады вайны ў тыле ворага партызаны Беларусі знішчылі больш паўмільёна гітлераўскіх салдат і афіцэраў, пусцілі пад адхон 11128 воінскіх эшалонаў і 34 бронепаязды, разграмілі 29 чыгуначных станцый, 948 штабаў і гарнізонаў праціўніка, падарвалі больш 18700 аўтамашын, узарвалі 819 чыгуначных і 4710 іншых мастоў, разбурылі больш 7300 км тэлеграфнай лініі сувязі, збілі ў паветры і знішчылі на аэрадромах 305 самалётаў, вывелі са строю 1355 танкаў і бронемашын, 438 гармат рознага калібру, знішчылі 939 ваенных складоў. За гэты час партызаны Беларусі ўзялі ў якасці трафеяў 363 гарматы і мінамёты, 1874 кулямёты, каля 21 тысячы вінтовак і аўтаматаў. Усё гэта сведчыць аб тым вялікім укладзе, які ўнеслі партызаны рэспублікі ў вызваленне Беларусі і агульную перамогу над ворагам.

Экскурсія “Ніхто не забыты”

Наша зямля багата на слаўных, гераічных людзей. Сярод іх Караў Канстанцін Якаўлевіч і Астраўкоў Браніслаў Казіміравіч, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта настаўнікі, якія працавалі ў Аляхновіцкай школе. Іх ўжо няма сярод нас, але на зямлі яны пакінулі добры след.

Караў Канстанцін Якаўлевіч нарадзіўся ў жніўні 1912 года на хутары Груцэнаў Казачай вобласці на Доне. Быў прызваны ў Савецкую Армію 27 ліпеня 1941 годзе, палітруком служыў у асобым аддзеле Беларускай ваеннай флатыліі. З жніўня 1941 года па ліпень 1943 удзельнічаў у ваенных аперацыях супраць фашыстаў. За гераізм, праяўлены ў гады вайны, узнагароджаны медалямі “За абарону Савецкага Запаляр’я”, “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”.Да 1948 года Караў К. Я. працаваў старэйшым упаўнаважаным у Дзяржбяспецы БССР.Затым закончыў інстытут імя Герцэна ў Ленінградзе. У 1952 годзе працаваў у ваенна-інжынерным вучылішчы. У 1962 годзе закончыў педагагічны інстытут у Растове-на-Доне, а затым працаваў у Аляхновіцкай СШ да выхаду на адпачынак. За добрасумленную працу Канстанцін Якаўлевіч узнагароджаны медалём “Ветэран працы”, граматамі за поспехі ў навучанні падрастаючага пакалення.

     Астраўкоў Браніслаў Казіміравіч нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Алешнікава Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў 1923 годзе. Закончыў Плешчаніцкую СШ ў 1940 годзе. У 1941 годзе прызваны ў Савецкую Армію. У ліпені 1941 года накіраваны на фронт з Ташкенцкага ваеннага вучылішча. Удзельнік баёў за Сталінград, ваяваў на Сталінградскім, Данскім і першым Украінскіх франтах. Два разы паранены. Дэмабілізаваны ў маі 1947 года. Пасля заканчэння Маладзечанскага настаўніцкага інстытута ў 1949 годзе працаваў у розных школах, а з 1951 па 1978 гады працаваў у Аляхновіцкай СШ дырэктарам, завучам, настаўнікам. У 1957 годзе завочна закончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут. Выбіраўся дэпутатам Маладзечанскага раёна Аляхновіцкага сельскага савета. Урадавыя ўзнагароды “ За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”, “ За ўзяцце Берліна”, “ За вызваленне Прагі”, “Дваццаць год Перамогі Вялікай Айчыннай вайны”, “ Трыццаць год Узброеным сілам СССР”, “ За доблесную працу ў азнаменаванні 100-годзя з дня нараджэння В.І.Леніна”, “Трыццаць год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”, медалём “ Выдатнік народнагаадукацыі”.

Усе жыццё Івана Рыгоравіча Каўрыгі, Мікалая Канстанцінавіча Ігнатовіча, Пятра Ануфрыевіча Казака звязаны з Маладзечаншчынай.

Іван Рыгоравіч Каўрыга нарадзіўся ў 1918 годзе ў вёсцы Еленка Маладзечанскага раёна. У 1940 годзе пачаў вучобу ў школе малодшых камандзіраў у г.Сызрань, камандаваў аддзелам ў 12 чалавек. У часы боя быў ранены і папаў у плен. Калі ачнуўся, прасіў, каб забілі. Цяжкі час, які правёў у палоне, назаўсёды пакінуў глыбокія раны ў душы і на целе. Пасля вызвалення працаваў ў Растове на шахтах, потым вярнуўся дамоў. Тут працаваў на птушкафабрыцы.

     Мікалай Канстанцінавіч Ігнатовіч нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Старынкі. Ваяваў па Першым Беларускім фронце ў складзе 177 гвардзейскага стралковага палка з кастрычніка 1944 года па май 1945 года. 23 красавіка 1945 года цяжка ранены ў левае бядро ( пулявое раненне).

Узнагароджаны ордэрам Айчыннай вайны ІІІ ступені, медалём “За перамогу над Германіяй”, юбілейным медалямі.

     Пётр Ануфрыевіч Казак нарадзіўся 7 ліпеня 1921 года ў вёсцы Навасёлкі-2.Прызваны ў армію ў 1944 годзе. Ваяваў ва Усходняй Прусіі. Быў ў Кенігсбергу. Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 2 –ой ступені, медалём Жукава, 24 студзеня 1946 года – медалём “ За Перамогу над Германіяй ў Вялікай Айчыннай вайне1941 – 1945 г.г.”, юбілейнымі медалямі.

Не спіцца па начах Бажко Валянціну Паўлавічу. Ва ўспамінах тая вайна жыве ў ім і сёння. Як толькі змог выжыць хлопец, які пракрочыў тысячы ваенных кіламетраў…

      Валянцін Паўлавіч Бажко нарадзіўся ў 1926 годзе ў вёсцы Валчанка Харкаўскай вобласці. У 1943 годзе пасля вызвалення тэрыторыі быў прызваны ў рады Савецкай Арміі і служыў на Далёкім Усходзе. Ён удзельнічаў у вайне з Японіяй. У 1950 Валянцін Паўлавіч дэмабілізаваўся і прыехаў ў Маладзечанскі раён. З 1950 па 1951 год вучыўся ў школе механізацыі. У 1952 годзе Бажко быў накіраваны ў Радашковіцкую МТС.

  Даўно няма ў жывых Камара Дзмітрыя Іванавіча. Але засталіся запісаныя намі яго ўспаміны.Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна Дзмітрыю Іванавічу было 34 гады. На вайну яго прызвалі 4 ліпеня 1944 года. Дзмітрый Іванавіч удзельнічаў у многіх буйных баях. Ён фарсіраваў Нёман, вызваляў Літву. 21 кастрычніка 1944 года Дзмітрый Іванавіч быў ранены і пасля папраўкі вярнуўся дадому.

У памяці гэтага чалавека, назаўсёды засталіся дні фарсіравання Нёмана і вызваленне Літвы.

“Мы паклалі пантонны памост. Але налёт нямецкай авіяцыі знішчыў яго. Мы паклалі другі. У гэты час ва Усходняй Прусіі быў зроблены прарыў, і мы атрымалі загад аб артабстрэле ворага. Артабстрэл доўжыўся ўсяго адну гадзіну. Але за гэту гадзіну панёс болей страт як у тэхніцы, так і ў жывой сіле. Пасля гэтага пачалося наступленне. Прарыў быў зроблены амаль адразу з нашага боку.”

“Алітус. Ноччу мы вучыліся ў гушчары лесу, раскладвалі кастрышчы, смажылі на агні сала і, паеўшы, засыналі. Днём была зроблена дыверсія на чыгуначную дарогу. Пад адкос быў пушчаны варожы эшалон з тэхнічнай і жывою сілаю. На наступны дзень мы заглянулі ў вёску, жыхароў якой немцы загналі ў траншэю, падпалілі яе і вартавалі, каб людзі не разбегліся. Нам было балюча глядзець, як гінуць людзі. У гэтую трагічную хвіліну кожны з нас думаў пра сваіх родных і блізкіх.”

  А колькі жыццяў адабралі фашысты. Колькі загінула людзей. І не толькі людзей у ваеннай форме, а і мірных, ні ў чым не павінных грамадзян Маладзечаншчыны і ўсёй Беларусі.

       Але нягледзячы на ўсе выпрабаванні, з першых дзён акупацыі раёна пачалася актыўная барацьба насельніцтва супраць захопнікаў.

Таксама ў партызанскім руху прымалі ўдзел і дзве жанчыны з нашай вёскі: Вольга Рыгораўна Макарэвіч і Вольга Іванаўна Супеева. Вольга Рыгораўна Макарэвіч да 1943 года была сувязной у партызанскім атрадзе, пасля з групай разведчыкаў дастаўляла важныя дакументы ў Маскву. Вольга Іванаўна Супеева з 16 жніўня па 25 лістапада 1943 года прымала ўдзел у партызанскім руху як баец атрада імя Фрунзе. Абедзве жанчыны маюць узнагароды і медалі, Вольга Рыгораўна мае пасведчанне партызана. Пасля вайны яны прымалі актыўны ўдзел у працы.

Калі мы слухалі ўспаміны Вольгі Рыгораўны Макарэвіч і Вольгі Іванаўны Супеевай, здзіўляліся, што іх жаночы характар не зламалі суровыя выпрабаванні, што выпалі на іх долю. Кожная з такіх жанчын пранесла праз вайну вернасць Радзіме, застаўшыся жанчынамі.

 Вольга Рыгораўна Макарэвіч нарадзілася ў 1922 годзе ў вёсцы Макарычы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Ад пачатку вайны  і да 1943 была сувязною ў партызанскім атрадзе.З канца 1943 года яна разам з партызанамі пераадольвала шлях ад беларускіх зямель да высокіх гор Карпат. Ў 1944 годзе ў складзе групы разведчыкаў дастаўляла ў Маскву важныя дакументы. Пасля вызвалення Петрыкаўскага раёна працавала ў калгасе.Мае ўзнагароды і пасведчанне партазана.

Вольга Іванаўна Супеева нарадзілася ў вёсцы Ровенска - Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Да вайны вучылася ў школе. З 16 ліпеня 1943 года па 25 лістапада 1943 года прымала ўдзел у партызанскім руху ў якасці радавога байца атрада імя Фрунзе партызанскай брыгады імя Варашылава. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 2 ступені, юбілейнымі медалямі.Пасля вайны прымала актыўны ўдзел у працы.

 

Галоўным клопатам немцаў была чыгунка. Партызаны разумелі гэта і таму большасць партызанскіх аперацый праводзіліся з мэтай вывесці яе са строю. Таксама партызаны пераразалі правады ліній сувязі і выводзілі са строю нямецкую тэхніку. 

11 жніўня 1941 года Савецкае інфармбюро паведамляла, што на поўнач ад Маладзечна “дзейнічае партызанскі атрад чыгуначных рабочых пад камандаваннем таварыша 3...”. 3 кансператыўных меркаванняў прозвішча не называлася.

Восень 1941га — вясна 1942 гадоў былі пер­шым этапам у партызанскай барацьбе, перыядам збірання сіл і станаўлення партызанскага руху. У той час не ўсе жадаючыя маглі пайсці ў лес, у асноўным з-за недахопу зброі. Але партызаны рыхтавалі для сябе рэзервы з людзей, якія жылі ў вёсках, дапамагалі народным мсціўцам прадуктамі, адзеннем, з’яўляліся праваднікамі і сувязнымі.

У снежні 1941 года ў Радашковіцкім раёне пачалі дзейнічаць партызанскія групы М.Л.Грыбанава, Я.З.Дука і іншыя. Першая з іх аформілася ў вёсцы Пранчэйкава Гарадоцкага сельсавета. Першапачаткова яна налічвала ў сваім складзе 25 чалавек — у асноўным мясцовых жыхароў. У лютым 1942 года пранчэйкаўская група ўстанавіла сувязь з падпольнай арганізацыяй у вёсцы Белева. 13 красавіка 1942 года групы аб'ядналіся ў партызанскі атрад, які дыслацыраваўся ў раёне вёскі Пранчэйкава. Дзейнасць яго была дастаткова адчувальнай для акупантаў. У сувязі з гэтым ужо 17 мая 1942 года супраць атрада быў пасланы буйны карны атрад. Нанёсшы значны ўрон праціўніку і маючы некаторыя ўласныя страты, пар­тызаны вымушаны былі перадыслацыравацца ў Налібоцкую пушчу, у суседні Валожынскі раён.

Ужо на першым этапе барацьбы партызаны ўяўлялі для ворага грозную сілу. Аб гэтым сведчыць данясенне фашыстаў. “За восень і зіму 1941 — 1942 гадоў партызанамі ў раёне Вілейка— Куранец — Маладзечна забіта каля 200 ваеннаслужачых вермахта і паліцэйскіх, а таксама нанесены маёмасны ўрон арміі і ўстановам рэйха на суму больш 300 тысяч акупацыйных   марак”.    Начальнік   аддзела з  1  красавіка па 30 чэрвеня 1942 года пісаў: “...як і чакалася, дзейнасць партызан з наступ­леннем лета значна ўзмацнілася”. Ён жа ў справаздачы за перыяд з 1 ліпеня па 30 верасня 1942 года пісаў: “Значнае ўзмацненне партызанскай дзейнасці, аб якой паведамлялася раней, прыняло такія размахі, якія перавышаюць дапушчальныя меры”. Але гэта быў яшчэ толькі пачатак.

Яны не вярнуліся з вайны

Вайна абарвала надзеі на будучыню ў многіх маладых людзей, якія пайшлі абараняць сваю Радзіму і не вярнуліся з фронту. Яны застануцца ў нашай памяці ў сваіх лістах, дасланых сваім родным і блізкім. Вось лісты

Крамарэнкі Мікалая Кузьміча:

“…Осложнение отношений с Финляндией. Наглые провокации со стороны финляндской военщины вызвали бурю гнева и возмущения всего советского народа. Наше правительство расторгло договор о ненападении, существовавший между нашими и Финляндией. Мы, курсанты, а также камандный состав готовы по первому зову нашего правительства ринуться в бой. ”. З ліста бацькам. 1941 год.Фашысцкая Германія без папярэджання напала на нашу краіну.

4.01.1942.Финляндия. “ Я нахожусь в суровой Карелии. Сейчас дни короткие и туманные, но зато ночи длинные и ясные от лунного сияния. “Дикая красота” – сказал кто-то. Мне приходится его поддерживать и добавить – даже очаровательна. Я не могу налюбоваться живописной природой этих мест. Выйдя в предутреннее время на воздух, можно увидеть красивый месяц на небе и серебрянные отблески восходящего где-то далеко над горизонтом солнца. Итак, я снова на севере, хоть не думал, что могу сюда попасть, когда был на юге. Раз здесь, так здесь. Где бы не воевать – везде наша Родина, родная советскому народу, значит и мне”.

3.03.1942. « Курсы пехотных командиров. Теперь я снова буду учиться. Признаюсь, что я снова буду учиться. Признаюсь, что я основательно соскучился по учебе. Даже с каким-то рвением принимаюсь за новый курс обучения. Я знаю, что теоретически мне будет легко, но практически придется попотеть.”

27.03.1942. «Мы готовили отличную самодеятельность, в программе которой я занимаю также небольшое место. Я читаю два своих стихотворения, которые уже одобрены для выступления на сцене. Впервые я буду читать свои стихи перед большой и культурной аудиторией – это накладывает на меня обязанность лучше подготовиться к выступлению…Сегодня второй

день, пурга,  но всеравно идем на «тактику».

 Так теперь проходят мои боевые дни: тактику сменяет огневая, огневую --политическая, политическую – еще какая-нибудь подготовка. Завтрак, обед, после обеда – самодеятельность, для некоторых самоподготовка, для остальных…На этом кончаю писать и решил…Просить вас снова и снова…

Затратьте немного усилий и сил. Пишите ко мне 2-3 слова».

28.04.1942.   Наступила пора сдачи,

                       В остальном как будто все в порядке,

                       В этом захолустном городке,

                       Я любил, шагая по площадке,

                       Вспомнить вас, живущих вдалеке.

                       Мне пишите письма поскорее

                       Я буду горд и весел.

18.05.1942. «Я – младший лейтенант. Сегодня сдал последнюю дисциплину, которую мы все считали очень трудной – это тактика.

                                          Я рад последний день писать

                                           Открытку к вам домой,

               А там на фронт, на фронт опять

                                          В жестокий правый бой

                                          Привет вам, мой привет большой,

                                          Последний с этих мест.

                                          Письма теперь с передовой

                                          Вы ждите как привет.

 

Засталася і другая рэліквія ў сям’і Крамарэнкаў – паведамленне, што Крамарэнка Мікалай Кузьміч загінуў.

Лісты з надпісам на канверце:

 “ Я был лучшим товарищем Вашего сына. Коля погиб смертью храбрых 18-го августа и похоронен в лесу на горке. До боев я его видел, а после только видел, как его хоронили. Очень хороший был у меня товарищ.

                                                                     Кузьмин Николай”

НКОСССР                                                   

Войсковая печать                          

Полевая почта                                  

38643                                                   

25.08.43г.

                        

    Извещание

Ваш сын лейтенант Крамаренко Николай Кузьмич, уроженец города Ростова-на-Дону в бою за Социалистическую Родину, верный воинской присяге, проявил геройство и мужество, был убит 18 августа 1943 г., похоронен в братской могиле Костеньского напр.Карел. фронта от разъезда 34 километров, влево 7 километров.

   Командир части.

    Мы жывём на зямлі, на якой у гады апошняй вайны загінуў кожны трэці беларус. Жорсткая праўда i трагедыя вайны i сёння адзываюцца болем у сэрцах.

...Смерць, разбурэнне, гора, страты... Пачуўшы гэтыя словы, кожны з нас згадваў не толькі скупыя гістарычныя факты, але ўспамінаў і лёс сваіх родных і блізкіх, таму што падзеі вайны 1941- 1945 гадоў так ці інакш закранулі лёс кожнай сям’і.

Ідуць гады, і рэліквіяй становіцца ўсё, што звязана з гераічным мінулым. Таму асабліва бясцэннымі з’яўляюцца ўспаміны ветэранаў. Вайна – праца пакутлівая, цяжкая, жорсткая, страшная. Чалавек тут аддае не толькі сваю сілу да апошняга ўздыху, але і сваё жыццё. Час сцірае многае з памяці, але ветэраны вайны, хто жывы яшчэ, павінны ўспамінаць мінулае ў імя будучага. Светлага будучага. Будучага без вайны.